РУДАЯ́ВАРСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,

баі партыз. атрадаў Ленінскай брыгады супраць ням.-фаш. захопнікаў у в. Руда Яварская Казлоўшчынскага р-на ў Вял. Айч. вайну. На працягу 1942—44 партызаны некалькі разоў грамілі гарнізон ворага ў вёсцы. У кастр. 1942 сюды прыбыў паліцэйскі батальён для арганізацыі гарнізона з мэтай паралізаваць дзеянні партызан у навакольных лясах. Ноччу 25 кастр. партыз. атрады 3649-ы (камандзір Б.​А.​Булат) і Арлянскі (М.​Р.​Вахонін) акружылі вёску і пасля артыл. падрыхтоўкі раніцай выбілі з яе праціўніка. Да сак. 1944 Рудаяварскі ням. гарнізон (130 чал.) быў умацаваны траншэямі з кулямётнымі гнёздамі, меў 5 бункераў. 19.3.1944 партызаны атрада «Ленінскі» (камандзір В.​С.​Біцько) з дапамогай мясц. жыхароў праніклі ў размяшчэнне праціўніка і без бою захапілі 4 бункеры. Жорсткі бой каля 5-га бункера і ў будынку школы вымусіў партызан адысці.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)